Лістападаўскі Ракаў

Пажухлы хмель на фоне касцёла

Нарэшце даехала да Ракава, хоць пачала планаваць туды вандровачку шчэ ў ліпні, але як звычайна. Гэтым разам таксама былі ўсе шанцы не даехаць.


За тры гадзіны мы з Сяржуком не паглядзелі ўвесь гарадок, але самыя цікавыя мясцінкі наведалі, сярод якіх артадаксальная царква (1793 г., якая першапачаткова была касцёлам), неагатычны касцёл (здаецца, першая палова ХХ ст.), рэшткі паштовай станцыі ды габрэйскія могілкі.
Праваслаўная царква, канешне, уражвае, у першую чаргу зусім нетрадыцыйнай арганізацыяй прасторы, але чаму так і гэтак відавочна. І добра, што яе не моцна пакоцалі дзеля візантыйскага выгляду: інтэр'ер і аздабленне выдаюць былы касцёл, але ж як там халодна! Нават на вуліцы не ішоў пар з роту, а ў царкве – і не такія цуды былі.


Унутр касцёла не трапілі, бо ён быў зачынены, але праз другія дзверы можна было разглядзець інтэр'ер - сціплы і акуратны, у поўнай згодзе з неагатычнымі тэндэнцыямі. 



За касцёлам адразу ж знаходзіцца новая плебань - жытло мясцовага ксяндза, старая - у спісе гістарычных каштоўнасцяў Ракава, да яе мы не дайшлі. Новая - вельмі ладненькі маднявы домік з гарбузом на ганку :).


За касцёлам адразу ж знаходзяцца рэшткі паштовай станцыі, якія за час занядбання ўраслі ў зямлю, пакрыліся смеццем ды таненькімі паросткамі дрэваў. Пры жаданні туды можна ўлезці ды раглядзець скляпенне, хоць я бы не раіла - бамжы ды алкаголікі, усе дзялы.

Злева - рэшкі паштовай станцыі

Ад касцёла ідзе вуліца 8 марта, гістарычная назва – Дамініканская, там захавалася брукаванка, а ўвогуле на вуліцы шмат цікавых хатак. Мне хацелася кожную забудову з розных ракурсаў зрабіць здымкі.










Увогуле ў Шабат нельга хадзіць на габрэйскія могілкі, да таго на браме вісеў замок, але спакуса была. Да таго, замок адчыняўся без вялікіх намаганняў і выконваў выключна сімвалічную функцыю.



Габрэйская грамада Ракава падчас Шоа была поўнасцю знішчана (зараз у мястэчку не жыве ніводнага габрэя). Большасць габрэяў былі спалены ў будынку сінагогі (да таго месца мы не дайшлі). Частка была расстраляная на гэтых самых могілках – там усталяваны мемарыяльны валун.

Могілкі, згодна з традыцыяй, месцяцца на ўзвышшы.


Я зноўку пашкадавала, што не вывучыла іўрыт, бо гэтак і не змагла прачытаць імёны на мацэвах. Там-сям былі цікавыя мацэвы – некалькі з іх дакладна былі выраблены з жарона, агулам аздабленне досыць простае.







Увогуле вельмі вуцішнае месца, сумнае. 


У якасці выбачэнняў, што наведалі могілкі ў Шабат, мы крыху прыбралі смецце, што надта муляла вока – бутэлькі ад гарэлкі, якіх набраўся аж цэлы тэхнічны мех. Спадзяюся, што ў будучыне мясцовыя будуць лепей клапаціцца пра нешматлікія ўспаміны пра мульцікультурны аграрны гарадок з Магдэбургскім правам.


UPD больш фота

Касцёл


Хатка на Дамініканскай вуліцы


Былы касцёл, кропка здыму - вуліца Дамініканская

Новая плебань, гарбуз на ганку :)

Рэшткі паштовай станцыі

Злева касцёл, зправа - паштовая станцыя






0 Comments