Іярданія: мая першая блізкаўсходняя краіна

Захад сонца ў Біясферным западніку Дана, за гарызонтам - Ізраіль

У мяне да Блізкага Ўсходу ё сантыменты. Таму, калі з'явілася думка "а ці не правесці мядовы месяц у Іярданіі" - я не асабліва доўга думала перад тым як сказаць "Так!".
З Вільні ў Аман лётае лоўкост, а за 100 баксаў (70 JOD) праз сайт Міністэрства турызма Іярданіі лёгка набываецца так званы Jordan Pass - нешта кшталту пашпарта турыста. Джордан пас пакрывае візу, колькі музеяў, а галоўнае - наведванне Петры, Вадзі Рама і старажытных славутасцяў у Амане і Джарашы... Хоць мы і не дабраліся да Джарашу (маэ кульпа), сам Джордан пас цалкам акупіўся толькі праз адну Петру.

Рымскі амфітэатр у Амане
Рэшткі храма Геркулеса ў Амане ака Філадэдьфіі




Крыху пра Хашэміцкае Каралеўства Іярданію


Блізкі Ўсход быў доўгі час калоніяй Асманскай Імперыі, а пасля - Брытанскай. Іярданія з'явілася як вынік барацьбы іярданскіх арабаў за сваю самаідэнтыфікацыю і Хашэмітаў за ўладу. Дарэчы, Хашэміты, на хвіліначку ўвагу, тысячу год былі амірамі Мекі. Гісторыю ўсю можна прачытаць на англамоўнай Вікі, але калі будзе большая зацікаўленасць - можна праглядзець Арабскае паўстанне супраць Асманскай імперыі і гісторыю эмірата Трансіярданіі. Асабліва зацікаўленым раю пацікавіцца постаццю Лоўрэнса Арабійскага.
Дадам, што варта б было асцярожна ставіцца да інфармацыі пра гісторыю Іярданіі і агулам пра Блізкі Ўсход, бо рэгіён гарачы і сёння гэта поле барацьбы наратываў нават у рэтраспектыўным ракурсе.

У Амане

Цікавыя і важныя для мяне факты і адкрыцці пра Іярданію


- Гэта мусульманская краіна, і дзяржава відавочна намагаецца падтрымліваць жаночую адукацыю, напрыклад сацыяльная рэклама, здаецца, адукацыі для жанчын: жанчына-інжынерка на будоўлі (у Беларусі такі борд пашукайце), увогуле жанчыны досыць заўважныя  на рэкламах адукацыяных установаў - ледзь не першае, што кінулася ў вочы ў Амане.

Адна з шматлікіх рэклам з жанчынай. Гэтая падобна, што сацыяльная, бо сцяг ЕС

У рымскім амфітэатры

- Значная большасць жанчын носіць хіджаб, частка закрывае твар, аднак на рэкламных бордах  ў Амане большасць жанчыны з непакрытымі валасамі. Вельмі падобна, што гэта доўгі шлях грамадства для прыняцця выбару жанчыны. Каралева Іярданіі Ранія амаль заўсёды без хіджаба, што таксама сімвалічна.

Мурал у Амане: частка твару мужчынская, частка  -жаночая. Мяркую пра равенства палоў, бо была пазнака USAid


- На мяне паліліся, і мне было некамфортна, хоць заматвалася я добра - ад сонца. Праўда, пяліліся на мяне пераважна жанчыны. Але і мужчыны.

- Іярданцы вельмі гасцінныя людзі, і турыст для іх - гэта госць ледзь не асабісты. Калі я скажу, што кожны трэці іярданец у  нас вітаў словамі "Hello, welcome to Jordan!", - то гэта не будзе павялічэннем. Пыталіся адкуль мы, дзе былі і чым нам можна дапамагчы. Запрашалі на гарбатку. Часта пыталіся ў Сяржука кім гэтая madame з'яўляецца яму: lover or friend.

- Чамусьці мне заўсёды падавалася, што ў гэтым рэгіёне п'юць каву, але не - гарбату з шалфеем.

- Іярданцы маюць вельмі чоценькую самаідэнтыфікацыю, якая значна папулярнейшая за панарабскую.

- Іярданія прыняла вельмі шмат уцекачоў: больш за два мільёны палестынцаў пачынаючы з 1948 году - стварэння краіны  Ізраіля і ціпа неэтнічных чыстак - (лаяльныя да мэйнстрымавых наратываў Ізраіля даследнікі лічаць, што палестынцы самі пакідалі маёмасць і беглі ў Іярданію і Егіпет, бо гэтак моцна не любілі габрэяў, і зусім яны не ўцекачы) - знайшлі там не толькі прытулак, але і магчымасць атрымаць грамадзянства; каля мільёна іракцаў; паўтары мільёны сірыйцаў з пачатку вайны ў Сірыі. Іярданія прыняла таксама асірыйскіх хрысціян і хрысціян з Іраку. Зараз у Іярданіі шмат еменцаў, якія беглі ад грамадзянскай вайны на іх радзіме. А яшчэ суданцы... Еўропе павінна быць сорамна, я лічу.

- У Іярданіі няма ніводнай сынагогі. Увогуле ніводнай дзейнай. У Джарашы ёсць рэшткі былой, здаецца, пятага стагоддзя. Не магу сказаць, што дзяржава выкрэслівала моцна габрэяў з музеяў - тыя ж скуруткі Мёртвага мора дэманструюцца, копіі стэлы Мэрнэптаха, у якой упершыню ўзгадваюцца Ізраіль як старажытная дзяржава, стаяць ледзь не ў кожным музеі, суаднясенне мясцовасці з біблійнай геаграфіяй таксама сустракаецца. У Петры я бачыла сярод турыстаў артадаксальных габрэяў. Але ніводнай дзейнай сынагогі.

- У лагеры, дзе мы спыніліся ў Вадзі Раме, жыло кацяня з імём Гітлер. На наш wtf адказ быў такі - the kitten should be strong to survive in the desert and Hitler was a strong man. У некалькіх месцах былі заўважныя свастыкі. Мяркую, гэта вынік, з аднаго боку, недастатковай адукаванасці, з іншага- "каланіяльнае люстэрка" наратыва "ААН стварыла Ізраіль з-за Халакосту" і "вораг майго ворага - мой сябар".

- Іярданія толькі пачынае сябе як турыстычная краіна, таму існуюць пэўныя праблемы з інфраструктурай, напрыклад паміж Вадзі Рамам і біясферным запаведнікам Дана проста няма аўтобуса, і нават болей - з Вадзі Рама нават не даедзеш да сталіцы Аман проста вось так. Нам прыйшлося стопіць, а гэта я вам скажу яшчэ той экстрым. Была непрыемнасць у першы дзень - апартаменты, якія забукілі, не змаглі нас прыняць - і даведаліся мы пра тое, як толькі з'явіўся вай-фай у аэрапорце. Забукілі нанава гатэль, доўга яго шукалі, а калі знайшлі - нам апавясцілі - месцаў там няма, пардон-муа, хабібі. Пераночылі мы ў гатэлі, што быў паверхам вышэй і пераплацілі. Так сабе было, ды яшчэ без кандыцыянера.

У пустыні Вадзі Рам

У Вадзі Раме

У такіх шатрах мы спыняліся

Захад сонца ў пустыні

Здаецца гэта выява Лоўрэнса
Калі мы ўпершыню пабачылі такога верблюда, то падумалі, што гэта дзікія жывёлы, але не - яны проста на вольным выпасе

Гара ў Вадзі Раме, ля якой жыў Лоўрэнс Арабійскі

Захад сонца ў Дане, якая была сапраўднай казкай пасля спякотнай пустыні 
Кветачкі Нізкага сезону на Блізкім Усходзе



- У Іярданіі шмат машын з выявамі Садама Хусэйна. Магчыма, за стырном былі іракскія ўцекачы.

- Бедуіны захоўваюць сваю самаідэнтыфікацыю, але, разам з тым, лічаць сябе іярданцамі. Яны больш смуглявыя і падаліся мне больш кансерватыўнымі. Значная іх частка даўно жыве стала і зарабляе турыстамі, як у Вадзі Мусе.

Bracelet for one dinar, madame!

Коцікі ў Петры
Вось вослікаў вельмі шкада, іх выкрыстоўваюць для перавозкі турыстаў - donkey taxi



Прырода ўражвае

Та самая скарбніца

- Петра і навакольныя каньёны да 60х - 70х былі месцам жыцця бедуінаў. Пасля зацікаўленасці заходніх турыстаў у старажытным горадзе, бедуінаў высялілі ў вёску побач - у Вадзі Муса, але дазволілі рабіць бізнэс на турыстах: жытло, ежа, сувеніры, экскурсіі...

Пячоры па дарозе ў Петру 
Рэльеф класны



Старажытныя пячоры

- У Петры мы сустрэлі статак козачак: хаваліся ў пячоры насупраць манументальнага візайнтыйскага манастыра, высечанага ў скале. Цалкам натуральнае відовішча, быццам так было і да часоў Візантыі, і набацеяў. Перанеслася ў часы Якава ці Майсея.

- Мясцовыя мужчыны ў Петры харызматычныя і выглядаюць прывабна не проста так, а каб знайсці багатую жонку-турыстку. Пра гэта мы даведаліся ўжо пасля Петры ад бедуіна, у якога спыняліся ў пустыні. Ён распавёў колькі гісторый пра альфонсаў, што ачмураяюць самотных жанчын з Еўропы.

- Мусульманская традыцыя, якая не вітае ўяўленні чалавека ў візуальнай сферы, знайшла сваё праламленне і ў вандроўцы: Сяржук збірае старыя здымкі, дык вось, у ніводнага стар'ёўшчыка мы не знайшлі ані старой фатаграфіі. Мы адшукалі нейкія невялікія сямейныя архівы з Усходняй Еўропы з надпісамі на рускай і польскай, але ніводнага старога здымку з Блізкага Усходу. У апошні дзень у Амане, выявілася, што ў Магдабе - мястэчку ў кіламетрах 40 ад сталіцы - здаецца, ё хлопец, які гандлюе, нібыта, здымкамі, на якіх іярданцы былых часоў. Але ў нас ужо не было часу і сілаў ехаць туды, каб правяраць і гандлявацца.


Лаўка стар'ёўшчыка ў Амане

У крамках тут можна знайсці ўсё акрамя старых здымкаў. Але здаецца менавіта тут мы знайшлі некалькі польскіх міжваенных

Для турыстаў, ну

Спадзяюся, хутка атрымаецца зрабіць пасты асобна пра Аман, Петру,Вадзі Рам і Дану). Калі ёсць практычныя пытанні пра вандроўку - пішыце, з задавальненнем адкажу.

Тыповая лесвіца ў Амане

Котачка




Тыповы балкон



На базары

Увечары


Котачка ў Вадзі Мусе 
Вадзі Муса



Алівы. Дрыжыкі бяруць, калі ўяўляеш: на гэтых скалах колькі тысячагоддзяў менавіта так і ўзрошчваюць пладаносныя дрэвы: колькі працы і колькі поту



Світанак у Вадзі Мусе. На даляглядзе горы, дзе прыхавана Петра 
Сады ў Амане



Адна з шматлікіх лесвіц у Амане

Нетыповы балкон у Амане



Здымкі караля і каралевы Іярданіі на вітрыне фотаатэлье


0 Comments